Uladzislau Harbacki
Пытаньні, якія Сымона до Бавуар ставіла па-француску, гучаць аднолькава востра на ўсіх мовах. Гэтая кніга - канцэнтраваныя ўводзіны ў сусьвет мысьляркі і асэнсаваньне ейнай фэмінісцкай, палітычнай і атэістычнай думкі. Дэ Бавуар, прачытаная празь беларускую і агульнаэўрапейскую прызму, паўстае як актуальная суразмоўніца сучаснай Беларусі.Словазлучэньне „Сымона д Бавуар і Беларусь' гучыць прыблізна гэтак жа, як „Сымона дэ Бавуар і Акіянія', ці нават „Сымона д Бавуар і Марс', - утапічна, неўяўляльна ці, прынамсі, штучна, прыцягнута за вушы. Але за гэтай штучнасьцю і нібыта надуманасьцю месьціцца цікавая тэма. Гаворка ня проста пра Сымону де Бавар ды ейны уплыў на Беларусь, на ейнае культурнае і фэмінісцкае інтэлектуальнае поле, а пра заўсёдныя складанасьці дыялёгу паміж Беларусьсю і Францыяй - як за імпэрскім (расейска-савецкім) часам, так і пазьней.Сымона дэ Бавуар (1908-1986) - француская філёзафка, пісьменьніца і тэарэтыца сучаснага фэмінізму. Жыцьцёвая спадарожніца й інтэлектуальная аднадумка Жана-Поля Сартра. Адна з цэнтральных постацяў атэістынага экзыстэнцыялізму. Аўтарка раманаў, навэляў, эсэ, пʼесы і мэмуараў.